Больш за пяцьдзесят беларускіх арганізацый заявілі аб сваім намеры прыняць удзел у фестывалі “Разам у будучыню” (арганізатар - Беларускі саюз маладзёжных і дзіцячых грамадскіх аб'яднанняў “Рада”).
Менавіта такую лічбу назвалі ў арганізацыйным камітэце фестывалю.
Адзначым некаторыя цікавыя факты, што выявіліся ў часе падачы заяваў. Па-першае, толькі палова з 26 аб'яднанняў-сябраў “Рады” падала заяўкі на ўдзел у фестывалі. Па-другое, на фэсце з'явяцца прадстаўнікі рэгіянальных арганізацый і грамадзянскіх ініцыятыў. Чакаюцца каардынатары “Рады” па абласцях краіны, якія будуць назіраць за правядзеннем фестывалю, каб потым зрабіць нешта падобнае на месцах.
Створаны месяц таму БРСМ, здаецца, не збіраецца ўдзельнічаць ў фестывалі: заявы ад арганізацыі пакуль не было. Прадстаўнікі БРСМ выступяць толькі ў змястоўнай частцы фэсту (круглыя сталы, генеральная асамблея).
У гэтым годзе актыўнасць грамадскіх арганізацый слабейшая ў параўнанні з папярэднімі фестывалямі. Як адзначыла каардынатар па працы з удзельнікамі Наталля Рабава, гэта звязана з агульнай сітуацыяй у краіне: “Значна цяжэй стала зарабляць сабе на жыццё, таму быць валанцёрам у грамадскай арганізацыі не так проста. Больш за тое, існаванне саміх арганізацый змянілася: ускладніліся працэдуры рэгістрацыі, бухгалтэрыя, умовы фінансавання з-за мяжы...
І ўсё ж такі, хочацца спадзявацца, што фестываль уздыме рух беларускай моладзі і заявіць аб сабе ў Еўропе”. Дарэчы, на фестываль чакаецца каля трыццаці арганізацый з краін далёкага і бліжняга замежжа: Швецыі, Даніі, Нарвегіі, Германіі, Бельгіі, Польшчы, Латвіі, Украіны.
Кацярына Міцковіч
Комментарии
Чтобы оставить комментарий, необходимо войти или зарегистрироваться